Афганская шкатулка, стр. 16

— Ты што, так і будзеш хадзіць за мною? — спытаў ён, азіраючыся. — Не рабі з мяне, калі ласка, монстра, які кідае бедненькае дзіцятка ў гарадскія трушчобы на згубу. Мне да сябра трэба ехаць, аддаць доўг учарашні. Хоць бы тое, што засталося. Віка, зразумей мяне! Стань на маё месца!

Але яна стаяла на сваім — на прыпынку каля аплёванай сметніцы. Плечы ў яе былі апушчаны. Унурыўшыся, яна глядзела сабе пад ногі. У Крушынскага раптам зашчымела сэрца. Ён не чакаў, што гэтае развітанне дасца яму так цяжка. Ён думаў, усе гэтыя слюнцяйскія сентыментальныя перажыванні даўным-даўно ачарсцвелі, акамянелі, памёрлі ў ім.

Пад'ехаў тралейбус. Ляпнулі настылыя дзверы, разам з клубамі пары пачалі вывальвацца на прыпынак пасажыры — хто перадам, хто бокам, хто задам… Крушынскі ў апошні раз азірнуўся. Дзяўчынка сядзела на лаўцы. Ён ледзь не крыкнуў: «Не сядзі, холадна ж!» Але на яго самога крыкнулі ззаду, і падштурхнулі ў плечы:

— Ты заходзіш?!

— Стаў, як пень!

Яго проста ўнеслі ў салон. Ён апынуўся заціснутым з усіх бакоў. Вакол былі чужыя целы і чужыя твары. Ці ён паспеў адвыкнуць ад усяго гэтага, ці сапраўды едзе ў такую гарачую гадзіну, «час пік», калі людзі спяшаюцца на працу і ад таго злыя, але адна жорсткасць, адна варожасць чыталася яму на гэтых тварах. Прага заціснуць слабейшага, жаданне заняць лепшае месца — хоць некалькі лішніх сантыметраў у душным тралейбусе! Мала таго, што гэтая атмасфера існавала сама па сабе, яна, як заразная хвароба, магла яшчэ і перадавацца. Крушынскі са страхам адзначыў, што і яму хочацца штурхаць, адціскаць, займаць свабаднейшае месца. Натуральны адбор! Барацьба за выжыванне! Гэты тралейбус быў паменшанай копіяй жыцця, жыцця жорсткага, у якім слабыя саступалі, жыцця, у якое ім, Крушынскім, толькі што быў укінуты, як трэска ў раку, слабы бездапаможны малы чалавечак.

Працуючы локцямі, ён пачаў праціскацца да выхаду. На яго бурчэлі, але ён не звяртаў ўвагі.

— Куды лезеш?

— Не мог прайсці адзін прыпынак!

На вуліцы Крушынскі ўдыхнуў на поўныя грудзі паветра. Амаль бягом кінуўся назад да вакзала. Прахожыя саступалі яму дарогу. Ужо зусім развіднела. Яшчэ здалёк ён убачыў на прыпынку Віку. Дзяўчынка была не адна. Высокі, не меншы за Крушынскага міліцыянер трымаў яе за плячо і, нагнуўшыся, дапытваў яе. Супакойваючы дыханне, Крушынскі падыходзіў бліжэй. Ужо і словы можна было расчуць.

— Дык ты скажаш, чый ты? — сярдзіта пытаў міліцыянер; ён таксама памыліўся, думаючы, што перад ім хлопчык.

Крушынскі перамог жаданне падысці да іх адразу. Ён завярнуў за газетны кіёск і вынырнуў з другога боку.

— Не замёрз тут без мяне, сынок? — спытаў заклапочана, знарок не заўважаючы міліцыянера.

Той здзівіўся, але руку з пляча дзяўчынкі паспешліва зняў.

— Ну, у мяне ўсё гатова, — казаў абы-што Крушынскі. — Затрымаўся трохі, дык там чарга была.

І нібы толькі цяпер ён убачыў міліцыянера.

— Што такое, старшына? Што здарылася? Старшына ўважліва яго агледзеў. Відаць, гэты барадаты граміла, які невядома адкуль узнік, таксама здаўся яму падазроным.

— Вы бацька гэтаму хлопчыку?

— А хто я яму, па-вашаму? — іранічна сказаў Крушынскі. — Проста так, з вуліцы? Бацька, канечне. Дык а што здарылася?

Калі б на месцы старшыны быў які малады міліцыянер, дык не толькі адказ, а і само з'яўленне Крушынскага задаволіла б яго. Але старшына быў чалавек у гадах. Такія ва ўсе дзіркі ўлезуць, выслужваючыся, такім бы толькі шпіёнаў лавіць на граніцы.

— Вашы дакументы, — папрасіў ён.

— Хіба ў нас ваеннае становішча? Ці каменданцкая гадзіна? Дакументы пры мне, я магу іх паказаць, канечне, калі вы скажаце, у чым я, альбо мой сын (ён прытуліў да сябе Віку) вінаватыя.

Старшына адказаў не адразу.

— Акцыя ў нас, — працадзіў праз зубы. — У сувязі з тэрактамі ў Маскве.

— Дык тэракты ў Маскве, а акцыя ў вас?

— А акцыя ў нас! — яўна пачынаючы злавацца, адрэзаў старшына. — Правяраць у раёнах вакзалаў і ўвогуле скапленняў людзей усіх падазроных. Дакументы папрашу!

— Я — падазроны?

Крушынскі развёў рукамі і нават азірнуўся, нібы заклікаючы людзей у сведкі. Разам з тым уважліва аббег вачыма ўсю прывакзальную плошчу. І праўда, на плошчы сёння было шмат міліцэйскіх і ваенных патрулёў.

— Дакументы! Апошні раз прашу. Старшына пацягнуўся да рацыі, што пішчала ў яго на баку.

— На.

Крушынскі падаў яму дакументы. Віка, якая з цікавасцю сачыла за ўсёй гэтай сцэнай, убачыла нейкую маленькую чырвоную кніжачку замест пашпарта. І яшчэ адну, шэрую, з выявай некага ордэна ці медаля на вокладцы.

Дзяўчынцы падалося, што Крушынскі пачырванеў. Яму як бы сорамна было, і не хацелася, каб яна была сведкай гэтаму.

Наўрад ці прыемна назіраць, як чалавек з ветлівага, спакойнага, ціхмянага ператвараецца ў разгневанага, грубага, злога. Але працэс зваротны, калі злы робіцца добрым і мяккім — гэта заўсёды прыемна. І тады даўжэй хочацца назіраць за падобнымі метамарфозамі. Вось толькі, на жаль, не часта яны здараюцца.

Але цяпер усё адбылося менавіта так. Спачатку недавер, потым разгубленасць адбіліся на старшыноўскім твары.

— Тут, на фота… вы без б-барады, — старшына нават заікнуўся.

— Бараду можна і згаліць, — адказаў Крушынскі.

Гэтыя словы ўсё вырашылі. Старшына быў пераможаны. Акуратна загарнуў кніжачкі, аддаў Крушынскаму. Сам выцягнуўся і ўзяў пад казырок.

— Прашу прабачэння… Служба.

— Я разумею. Нічога страшнага. Гэта вы прабачце, калі што не так, — Крушынскі заспяшаўся. — Хадзем, да. — і ледзь не сапсаваў усё, ледзь не сарвалася з языка «дачушка». Вось яшчэ дурная сітуацыя!

— Хадзем, сынок.

Гадзіны праз тры з вакзала выехаў стары дабіты «Лаз», рэйсавы аўтобус «Мінск — Вялікая Паляна — Жытнявічы». У ім знаходзіліся Крушынскі з новаспечанай «дачкой-сынам». З сабою везлі яны два ладныя пакункі. У адным было паліто, боты і шапка — усё хоць і не дужа дарагое, затое новенькае, прыгожае і цёплае. У другім, які на каленях трымаў Крушынскі, бо аўтобус трэсла і заносіла на паваротах, было рознае смакоцце: каўбаска, ёгурты, яблыкі, апельсіны, бананы.

Віка не хавала радасці. Усмешка не сыходзіла з яе твару. Ад гэтай усмешкі твар харашэў, неяк цяплеў, рабіўся, так бы мовіць, па-сапраўдныму дзявочым.

Што да яе новага «бацькі», таму было не да вяселля. Глыбокая зморшчына перасекла яму лоб. Праўда, ён ні на міг не ўсумніўся ў правільнасці свайго ўчынку. У тым, што вырашыў забраць дзяўчынку да сябе. Цяпер яму страшна было ад думкі, а што, калі б Віку не затрымаў міліцыянер? І яна сышла б кудысьці, і знікла назаўсёды, прапала б у гэтым горадзе?..

Аднак цяпер узнікала мноства новых праблем. Крушынскі зусім не ўяўляў, што рабіць далей. На пакупкі пайшла ўся без астачы рэшта даляраў. За што жыць? Ён прывык да ежы грубай, непераборлівай — а цяпер? Чым карміць дзяўчыку? А калі не карміць, не «даглядаць» (як выказаўся доктар), дык які тады толк ад яе жыцця ў леснічоўцы?

Хапала аб чым падумаць. І толькі радасць дзяўчынкі, якую Крушынскі бачыў на яе твары, калі пазіркваў на яе спадцішка, супакойвала яго. Нейкі ўнутраны голас шаптаў яму — пакуль што ты ўсё робіш правільна! Усё будзе добра, усё абыдзецца і нават акупіцца табе!..

— Якія гэта дакументы ты яму паказаў? — успомніла раптам Віка. — Што за кніжачкі? Чаму ён так змяніўся?

Ад гэтага нечаканага пытання змяніўся і сам Крушынскі. Панура буркнуў:

— Забудзь ад гэтым. І ніколі больш не пытай. Прыйдзе час, і ты аб усім даведаешся. Добра?

Яна кіўнула. Ёй падалося, што Крушынскі спалохаўся гэтага пытання, бо вакол пасажыры, які маглі б падслухаць яго адказ. Але што за тайна?! Што гэта за такі загадкавы чалавек?! І як цікава, што жыццё звяло іх разам!

А ён падумаў — вось яно і пачынаецца. Азіранне па баках, прыстаўлянне да вуснаў пальца, канспірацыя, двайное жыццё. І нікуды ад гэтага не дзенешся. Сам так захацеў.

Раздзел XII

Стары знаёмы — доктар Пратасевіч. — Успомніў! — Кароткая біяграфічная даведка. — Сумная старасць.

×
×