Афганская шкатулка, стр. 44

Крывіцкі — босы, з анучай у руцэ, у трыко з падкасанай чамусьці толькі адной калашынай, у зробленай з газеты пілотцы на галаве — паказаўся ў дзвярах пакоя:

— А! — усклікнуў радасна, пераклаў анучу ў другую руку і працягнуў мне для вітання не мокрую далонь, а локаць.

Грэбліва адступіўшы, нават не кранаючы гэтага локця, я прасіпеў: —Дзе… Адамавіч?

— Дык гэта… — Крывіцкі ўздыхнуў, — ужо месяцы тры як дуба ўрэзаў стары мой, Іван Адамавіч… А ведаеш, — адразу ж ажывіўся, відаць, карцела пахваліцца радасцю, — дарэмна я наязджаў на яго! Харошы дзед быў — адпісаў-такі кватэру!..

Не слухаючы, адпіхнуўшы яго з дарогі, я падаўся на кухню.

— Э-э, куды ты?! Ты ж слядоў наробіш!..

У кутку пад батарэяю, дзе знаходзілася запаветная сіняя клетка, стаяла і ляжала некалькі папяровых мяхоў, пачатых і нечапаных; столь была пабеленая, сцены — ашкрэбленыя, але мяне цікавіла толькі падлога — лінолеум, а лінолеум быў той самы!

Ад радасці я засмяяўся і пацёр рукі.

— Не хадзі! — цягнуў мяне за рукаво Крывіцкі. Я пакорліва вярнуўся следам за ім у пярэднюю. Мне захацелася раптам пацешыцца з гэтага тупога, нездагадлівага цельпука, пахваліць яго, нагаварыць яму розных прыемна-падлізлівых слоў; я быццам зноў перанёсся на колькі месяцаў назад, калі быў яшчэ жывы Адамавіч, пад якога трэба было ўвесь час падладжвацца, каб не насцярожыць, не спужнуць… — Малайчына! — я зазірнуў Крывіцкаму ў вочы і моцна паціснуў яго мокрую далонь. — Так здорава ўсё робіш, скора не пазнаць будзе кватэры! А дзе грошы на рамонт узяў?

— А, грошы? Бацькі далі, хто ж яшчэ! Дзед, Адамавіч мой, так і не сказаў, дзе золата, не паспеў, мабыць. Мне б, дурню, з'ездзіць да яго, але так і не сабраўся… А ён, дактары расказвалі, мучыўся вельмі, гаварыць не мог, прытомнасць часта губляў…

Сэрца ў мяне аж захлыналася. Вось яно — шчасце! Я апусціў галаву і прытворна, глыбока-глыбока ўздыхнуў… не, хлушу, грамадзянін следчы. Вядома, і ў мяне ў глыбіні душы варухнулася нешта падобнае на шкадобу. Бедны Адамавіч, так мучыўся… І мяне, чужога, любіў больш за Крывіцкага… Але варухнулася — і прайшло, я не даў гэтай шкадобе разрасціся, адразу прыдушыў яе. Жыццё працягваецца! Жывым, як кажуць, жывое, а мёртвым…

— Гэта што: пабачыш, калі ўсё гатова будзе! — узбуджана гаварыў Крывіцкі, ураз забыўшы на няшчаснага нябожчыка Адамавіча і пра яго пакуты перад смерцю. — Вядома, не еўрарамонт, але сам бачыш… Вось з кухняю толькі, — ён пачухаў локцем сабе бок. — Хацеў гэты лінолеум свінячы памяняць, паслаць драўляную падлогу — цяпер робяць такія, і даволі танна. Ну, патэлефанаваў у нейкую фірму па аб'яве, прыйшлі пазаўчора два, пачалі перасцілаць, потым кінулі ні з таго ні сяго, ледзь пачаўшы. Я прыходжу — ляжаць вось тут, на тумбачцы, усе грошы — аванс, які ім заплаціў. А саміх — ні слыху, ні дыху… Ды што з табою? Чаго ты збялеў?

Я рвануўся на кухню, падскочыў да мяхоў, нагамі і рукамі параскідваў, паадцягваў іх у бакі, упаў на коленцы. Плінтус пад батарэяй быў сарваны, край лінолеума карабаціўся. Я пацягнуў яго на сябе, ён паддаўся, адлупіўся кавалкам усяго ў які метр квадратны — больш яны і ададраць не паспелі! — і ў пліце перакрыцця адкрылася дзірка-"дупло", акурат як вавёрчынае, — невялікае, правільнай круглай формы. Я ўсунуў туды руку і, усё яшчэ не верачы сабе, абдзіраючы аб шурпаты бетон пазногці і пальцы, пачаў мацаць у пустым тайніку…

Крывіцкі стаяў у дзвярах і паглядаў на мяне, як на вар'ята.

Хістаючыся, я падняўся з кален, абцёр аб штаны рукі. Не ведаю, грамадзянін следчы, што кіравала тады мною, чаму я зрабіў тое, што зрабіў… Можа, хоць крыху тлумачэннем паслужыць адна гісторыя (Вы павінны ведаць яе, грамадзянін следчы). Неяк яшчэ ў часы кампаніі супраць п'янства двое мужчын падбеглі да гарэлачнага аддзела, а ён закрыўся ў іх перад носам, і тады адзін, нядоўга думаючы, з усяе сілы засмаліў другому ў вуха. "За што?!" — заенчыў той. — "А што ж рабіць?! Ну вось што рабіць?!" — у роспачы адказаў другі. Гэта, грамадзянін следчы, як мне здаецца, вельмі тонкі, псіхалагічны анекдот, які перадае дзеянні чалавека ў становішчы афекту…

"Што рабіць?! Ну вось што рабіць?!"

Я падышоў да Крывіцкага і голасам, якога сам не пазнаў, папрасіў:

— Стукні мяне, калі ласка. Толькі моцна!

— Ты што? — адхіснуўся ён.

Вось тады, грамадзянін следчы, я і нанёс Крывіцкаму тыя самыя "лёгкія цялесныя пашкоджанні", што фігуруюць у маёй справе. Я ўдарыў яго ў пераносіцу, а калі ён, ускрыкнуўшы, сагнуўся, я ўзяў яго за валасы і пару разоў ударыў яму каленам у твар. Затым, пераступіўшы праз яго, скурчанага ў дзвярах кухні, выйшаў, нават не азірнуўшыся.

Усё далейшае Вы, грамадзянін следчы, ведаеце. Крывіцкі зняў пабоі і напісаў на мяне перш адну заяву, а потым, калі ўбачыў тайнік, здагадаўся, што золата ляжала ў яго пад носам; тады ад злосці, ад адчаю, што сам не дапетрыў, ён і накатаў на мяне заяву другую — хлуслівую ад першага да апошняга слова.

На Вашым месцы, грамадзянін следчы, я дапытаў бы самога пацярпелага — няхай успомніць, якіх майстроў ён выклікаў тады (хоць без сумнення, канцоў не знойдзеш, дурных мала)…

Зыходзячы з усяго вышэй напісанага, прашу Вас, грамадзянін следчы, у абвінаваўчым заключэнні адзначыць наступнае:

1) маё чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне;

2) што пабоі, нанесеныя Крывіцкаму, экспертызай прызнаныя "лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі, якія не пагражаюць здароўю пацярпелага";

3) што я знаходзіўся ў стане афекту;

і 4) што я і без таго пакараны маральна. Я ніяк не магу звыкціся з тым, што мог бы атрымаць усё, а па ўласнай дурасці застаўся ні з чым. У мяне ўвесь час баліць галава, я не магу есці і спаць. Няўжо ўсё гэта — недастатковая кара?..

На заканчэнне таксама вельмі прашу Вас, грамадзянін следчы, пахадайнічаць перад пракурорам, каб утрыманне ў КПЗ мне замянілі на "падпіску аб нявыездзе", — да суда, вядома.

1995 г.

Дарожнае знаёмства

Усе нашы выказванні маюць іншы сэнс, які ўтойваецца і які пагэтаму больш значны; неасцярожна і недастаткова задавальняцца прамым сэнсам слоў, бо і сны нашы сімвалічныя, і творчасць — сімвалічная.

Б. Грыфцоў
Афганская шкатулка - i_007.jpg

I

Празаіку Н., якога ў мінскім літаратурным асяроддзі адны называлі «маладым пісьменнікам», другія — «дзядзькам, якому пайшоў чацвёрты дзесятак» (напраўдзе яму было роўна трыццаць адзін год), прысніўся сон.

Сон падзяляўся на дзве часткі. Першая: снілася нейкая дзяўчына, трохі падобная на ягоную жонку, але зусім чужая і разам з тым вельмі свая, блізкая, і Н. чамусьці ўпрошвае яе быць з ім, каб потым ехаць некуды разам, і тады ён скажа ёй штосьці важнае, прызнаецца ў нечым. Дзяўчына вагаецца, раздумвае і ўрэшце згаджаецца ехаць, толькі не з Н., а з іншым. Н. едзе з імі ў цягніку, у суседнім купэ, чуе іхнія размовы, смех, яму сумна і горка… Раптам каля Бабруйска на цягнік налятаюць нямецкія самалёты, свіст бомбаў, выбухі, крыкі, кроў… Н. разумее, што трэба спыніць сон, і гэта ў яго ўладзе. Ён спыняе сон, і вось тая ж дзяўчына, ужо недзе ў Мінску, стаіць перад ім, вінавата цярэбіць яго за рукаў, просіць прабачэння. "Цяпер я разумею, — кажа яна, — што трэба было ехаць з табою, цябе паслухацца". Н., шчаслівы, адказвае: "Давай так і зробім, я магу вярнуць усё да пачатку!"

І другая частка сну: яны з дзяўчынаю едуць у адным купэ, спакойна мінаюць Бабруйск і ніхто іх не бамбіць.

Прачнуўшыся, Н. успомніў сон да драбніцаў, да інтанацыі дзявочага голасу. Што гэта магло значыць?

Ну, з цягніком і з дарогаю ясна — сёння ўвечары Н. збіраўся ехаць у вёску да маці, і быў куплены білет. Нямецкія самалёты — з учарашняга фільма пра вайну. Але адкуль дзяўчына і, галоўнае, што за "вяртанне да пачатку"? Мабыць, гэта звязана з п'есаю. Справа ў тым, што Н. пісаў п'есу і тыдзень біўся над другой карцінаю, не мог псіхалагічна абгрунтаваць дзеянні галоўнай гераіні, дзяўчынкі. "Вярнуцца да пачатку" азначала, відаць, перарабіць гэтую карціну зусім па-новаму, замест сустрэчы галоўнай гераіні з яе жаніхом зрабіць яе сустрэчу з чалавекам другасным. Ну, вядома! Тады не будзе "бамбёжкі", "крушэння цягніка", г. зн. не будзе правалу ў тым месцы п'есы.