Афганская шкатулка, стр. 42

Адамавіч між тым выпрабоўваў мяне — хоць і прымітыўна, аднастайна, але нямала нерваў каштавала выконваць ягоныя капрызы. Усе яны зводзіліся да аднаго: праверыць, ці не хачу я яго забіць.

Напрыклад, седзячы за шахматамі, ён хапаўся раптам за сэрца, пачынаў войкаць, стагнаць:

— Там… у пакоі… парашок на стале… Ох, хутчэй!.. Я кідаўся ў пакой, дзе пахла нежылым духам, уключаў святло, хутка аббягаў вачыма небагатае убранства, стараючыся ўгадаць, дзе можа быць схавана золата. У гэтай старой шафе, на якой зверху пад шклом дзве палічкі з кнігамі? У гэтым стаматалагічным крэсле, што, пакрытае цыратаю, стаіць тут проста сярод пакоя чужароднай няўклюдаю? У ложку, пад ложкам? У падаконніку? У ножцы стала? Знаходзіў парашок, бег на кухню, набіраў вады ў шклянку. Адамавіч пільна сачыў за кожным маім рухам, тады браў парашок, дэманстратыўна высыпаў яго ў вядро з-пад смецця, а ваду выліваў у ракавіну:

— Адпусціла; сядай гуляць.

— Які ж вы дзівак, Адамавіч, далібог, — прыязным голасам, мякка дакараў я яго.

Гэта паўтаралася ў розных варыянтах — напрыклад: "Зрабі мне ўкол, толькі набірай лекі ў шпрыц тут, на кухні!" Я бег у пакой, знаходзіў у аптэчцы аднаразавы шпрыц, лекі, на Адамавічавых вачах набіраў, выціскаў з іголкі струменчык і толькі падступаўся з уколам, як Адамавіча «адпускала». Усе гэтыя праверкі былі, паўтаруся, аднастайныя, усе мелі на мэце паказаць, што Адамавіч заўсёды напагатове і не такі прасцячок, каб не здагадацца пра нашыя з Крывіцкім планы. (Яму па-ранейшаму здавалася, што ў нас з Крывіцкім змова супраць яго.)

Праўда, быў выпадак, калі я ледзь не "засыпаўся". У адзін з вечароў мы мірна сядзелі за шахматамі. Раптам Адамавіч, як заўсёды ні з таго ні з сяго, падазрона ў мяне ўставіўся, тады збялеў і пачаў гучна стагнаць. Я памог яму дабрацца да ложка, накрыў коўдраю… І тут цюкнула мне ў галаву: а што, як на гэты раз праўда, і ён не жартуе? Вунь якое дыханне частае, з хрыпамі, уздрыгвае ўвесь — відаць, ад прыступаў болю, твар бела-сіні, нездаровы…

— Выкліч «хуткую», паміраю!.. — і калі я кінуўся ў пярэднюю, дзе на тумбачцы стаяў тэлефон, пачуў ззаду: — Тэлефон адключылі, не заплаціў у час, бяжы на двор!..

Я збег уніз. Каля таксафона не было ні душы. І вось тут — каюся, грамадзянін следчы, — на кароценькі міг я ледзь не паддаўся спакусе. Нашто спяшацца?.. Можа, пастаяць, пакурыць, потым сказаць Адамавічу, што чарга была, ледзь выпрасіў пазваніць… А можа, пакуль падымуся, дзед мой (прашу прабачэння) будзе ўжо халодны?.. І тады, калі прыедуць і забяруць яго, можна будзе да самай раніцы застацца ў яго кватэры…

Але і ў той раз інтуіцыя падказала мне, што трэба іграць ролю сумленна і да канца. Я пазваніў па «нуль-тры», назваў адрас; мне адказалі — "чакайце, выязджаем".

Калі я, задыханы, уляцеў у кватэру, Адамавіч мой сядзеў на кухні, як ні ў чым не бывала, перад шахматнай дошкаю, і абдумваў чарговы ход.

— Збегаў? А мяне адпусціла.

Я знясілена прысеў на табурэтку насупраць.

— Як вам не сорамна, Адамавіч? Стары чалавек…

— За што мне сорамна? Што блага зрабілася, а потым прайшло? Дык на тое старасць.

— Вас жа аштрафаваць могуць за ілжывы выклік, вы хоць прытварыцеся хворым, калі яны прыедуць! Ці мне збегаць, сказаць, каб не ехалі?

— Ды сядай гуляй, чаго ты носішся? Яшчэ невядома, ці прыедуць.

— А, дык вы сумняваецеся, ці выклікаў я іх увогуле? Які ж вы, далібог… Няўжо вы ўсур'ёз думаеце, што я… смерці вашай хачу? — з самым нявінным выглядам, надаўшы голасу ноткі лёгкай крыўды, сказаў я.

— Хто цябе ведае? Не ў шахматы ж ты ходзіш сюды гуляць.

Я пакрыўджана паціснуў плячыма. Мы пачалі чарговую партыю. «Хуткая» сапраўды так і не прыехала.

— Памірай пасля гэтага, — паскардзіўся Адамавіч. — Дык ты выклікаў ці не?

— Клянуся, выклікаў! Але ж і вы таксама, Адамавіч… Вы не крыўдуйце, але вашыя жартачкі вам самому могуць бокам вылезці… А калі, не дай Бог, з вамі сапраўды здарыцца штосьці? Там паглядзяць, скажуць, а, гэта той самы дзед, які столькі разоў нас падманваў!.. І спозняцца…

— А табе-то што? Ну, спозняцца, памру — ты ж толькі гэтага і чакаеш.

— Ну, што вы кажаце!.. Якая карысць мне ад вашай смерці?

— Пакуль аніякай, гэта праўда. А ты хацеў бы карысці? — забіраючы каня, якога я знарок "празяваў", са звыклай гуллівасцю, якая заўсёды з'ялялася ў яго голасе, калі ён пачынаў гаварыць пра сваё багацце, спытаў Адамавіч. — Вы ж, цяперашнія, з усяго карысці хочаце, нават з чужой смерці.. Вось, дапусцім, скажу я табе, дзе ў мяне золата, так? Цяпер ты бегаеш за мною, як за дзеўкаю, у рот глядзіш і кожнае жаданне выконваеш… А як скажу — што будзе? Тады б ты мне такі укольчык зрабіў, што мала б не падалося. Хіба б ты бегаў тады, як куля, выклікаць «хуткую»? Ды ты б яшчэ і падушку мне на нос паклаў, ды прыціснуў бы яе так, лёгенька…

Халадзеючы ад прадчування блізкай удачы, ад таго, што я не памыляюся і Адамавіч нікому іншаму, а толькі мне ў перспектыве збіраецца перадаць багацце, здранцвелымі губамі я пралепятаў:

— Калі ў вас сапраўды многа золата, чаму б вам… самому не пажыць у радасць?

— У якую радасць? Падумай галавою, ты ж разумны хлопец: я — хворы, стары, баязлівы, мне ў магазін цяжка выбрацца, вядро цяжка вынесці, а тут — прадаць золата! Дзе, і як, і каму я яго прадам? Панясу ў скупку? Ды мяне высачаць і кокнуць за адзін грам гэтага золата, не тое што за злітак! Папрасіць каго-небудзь? Таго свайго пустазвона я папрасіў ужо адзін раз, паверыў яму — больш не хачу.

— Мяне папрасіце, — нібы жартам прапанаваў я, а сам сцяўся.

Адамавіч моўчкі, пільна глядзеў на дошку з фігурамі. Маўчанне доўжылася.

— Дайце мне! — ужо сур'ёзна, кінуўшы ўсялякую асцярогу, прашаптаў я. — Паверце мне, я малады, я вучуся… Я ж не ваш Крывіцкі, вы ж бачыце, які ён і які я… Вы — такі разумны, назіральны чалавек, у шахматы так здорава гуляеце ў вашых гадах…

— Ты не Крывіцкі, гэта я ведаю, — перапыніў маю фальшывую, няўмелую ільсцівасць Адамавіч. — Той, хоць і пустазвон, але просты, звычайны, — а ты злы, хітры, учэпісты і ты даб'ешся свайго. Хіба я не бачу, што ты нават хады робіш машынальна, думаючы пра сваё, і ўсё адно ўмудраешся хоць калі-нікалі выйграваць у мяне?

— Так, я злы і хітры! Але грошы толькі такіх і любяць! Адамавіч, аддайце мне — умаляю паверыць! — ніколі яшчэ я не быў так блізка ад удачы; я гатовы быў укленчыць зараз перад ім…

Магчыма, у той вечар усё і вырашылася б, і я б цяпер не пісаў Вам гэтую тлумачальную, грамадзянін следчы, каб не… пранізлівы званок у дзверы! Прыехала "хуткая дапамога" — і трох гадзін не прайшло!

Проста ўз'юшаны, я схапіў з вешалкі куртку і выбег з кватэры. Што я адчуваў? Тое ж самае параўнанне, грамадзянін следчы, аб якім згадваў раней: уявіце, што амаль месяц з дня ў дзень чалавек марнаваў час, нервы, грошы, прыкідваўся, ліслівіў, падлізваўся, урэшце змог «угаварыць» жаданую непрыступную красуню, і вось яна ўжо гатова, яна перад табою ўжо… і раптам банальны, пранізлівы, ненавісны званок у дзверы і ўсё ляціць к д'ябалу!..

VIII

Тым не менш, з раніцы наступнага дня я, як штык, стаяў перад дзвярыма знаёмай кватэры і націскаў на кнопку званка. Цярпенне, калі хочаш нечага дабіцца. Не атрымалася адзін раз — пашэнціць у другі…

Адамавіч, нейкі прыгорблены, пастарэлы і, як мне падалося, спалоханы, быў дома, але збіраўся некуды. На тумбачцы ў пярэдняй, каля тэлефона, я заўважыў слюдзяны мяшэчак, у якім была зубная паста, шчотка, станок для галення і расчоска. Пры мне Адамавіч запіхнуў у другі такі ж мяшэчак свае стаптаныя пантофлі і трыко. Сам ён быў у старэнькіх, але чыстых і адпрасаваных штанах, а абуты ў тыя самыя чаравікі, што сохлі некалі пад батарэяю, калі Крывіцкі ўпершыню мяне сюды прывёў, толькі цяпер яны былі да таго начышчаныя, што смярдзелі ваксаю на ўсю кватэру. — Што здарылася?

— Прайдзі на кухню, — Адамавіч пратупаў уперадзе, прысеў на табурэтку, трымаючы ў руцэ мяшэчак з пантофлямі і трыко.