Афганская шкатулка, стр. 34

— Яму! — усклікнула абураная Віка. — Які нічога не апаганьваў, а наадварот, за ўласныя грошы паставіў помнік чужому чалавеку!

— Што ж будзем рабіць? — спытаў Валік. — Адразу папярэджваю: у міліцыю я не пайду! І Віку падстаўляць не збіраюся!

— Баішся, каб яна не знікла адсюль? — ціха, у падлогу гледзячы, прамармытаў Цім.

— Што-што?

— Паўтары! — у адзін голас усклікнулі Віка з Валікам.

Не такі Цім дурны, каб паўтараць.

— Вось што, хлопчыкі, — сказала Віка, і «хлопчыкі» цяпер толькі звярнулі ўвагу, якая яна сёння вясёлая і ўпэўненая ў сабе. — У мяне зусім іншы план. Мы паедзем у Мінск. Усе разам.

— Як так?

— Чаму ўсе?

— Здаецца, я ведаю, хто раскапваў магілу. Мы павінны самі знайсці злачынцу. І я адна магу пазнаць яго.

Хлопцы пераглянуліся. Вось табе і Віка!

— А як жа той мужчынка, які прыезджаў у сяло і бадзяўся па могілках? — спытаў Цім. — Я ўпэўнены, што без яго рук не абыйшлося.

— Магчыма, злачынцаў было некалькі. Бачыце гэтую пальчатку? — узяла са стала і паказала хлопцам Віка. — Дык вось, калі мяне, непрытомную, падабраў тады Крушынскі, на другі дзень.

З вялікай цікавасцю выслухалі хлопцы і пра доктара з Мінска, і пра тое (дзяўчынка нічога не стала ўтойваць), як яна прыкінулася нямой і як хутка раскусіў яе доктар, і пра забытыя ім пальчаткі, якія яна прымервала. Адну з іх Барс сёння знайшоў і прывалок сюды.

— Гэтую вось самую.

— Ты ўпэўнена, Віка?

— Упэўнена. Проста… у мяне сваіх пальчатак ніколі не было. Я першы раз у жыцці іх адзела. Як такое можна забыць?

— Дык, значыць, Крушынскі ведае гэтага доктара? — спытаў Валік. — Не на вуліцы ж ён яго падабраў.

— Думаю, што ведае, — адказала дзяўчынка. Яна ўспомніла, як Крушынскі не хацеў пакідаць яе ў сябе, і адзін з ягоных довадаў быў такі: «Ды і доктар гэты бачыў цябе!» Па яго інтанацыі яна тады зразумела, што Крушынскі з доктарам — даўнія знаёмцы.

Але пра гэты эпізод дзяўчынка расказваць не стала. Такога кшталту ўспаміны маглі належаць толькі ёй і Крушынскаму.

— Тады навошта нам ехаць у Мінск? — перабіў яе думкі Валік. — Паедзем у Жытнявічы, у міліцыю да Крушынскага, раскажам пра пальчатку, ён назаве адрас, дзе гэты доктар жыве.

— Зараз, — іранічна азвалася Віка. — Хто нас да яго пусціць? Хто мы яму такія? Да таго ж тры першыя дні падследным забаронены любыя пабачанні, нават з роднымі людзьмі. Толькі з адвакатам.

Віка казала як спецыяліст па такіх справах.

— Адкуль ведаеш? — з зайдрасцю (знайшоў чаму зайздросціць) да такой яе эрудыцыі спытаў Цім.

— Ведаю. Неяк з маці да айчыма хадзілі, — неахвотна патлумачыла Віка. — Дык вось! Калі мы самі знойдзем, дзе гэты доктар жыве, ды напішам афіцыйную заяву, ды прыкладзем пальчатку — тады іншае! Тады яны вымушаны будуць адпусціць Крушынскага.

— Але як мы знойдзем таго доктара? — засумняваўся Валік.

Ці м падказаў:

— Трэба пакапацца ў рэчах Крушынскага! Павінны ж быць у яго нейкія блакноты, адрасы, тэлефоны.

— Ужо зроблена, — з усмешкай адказала Віка. Дастала пачак з-пад цыгарэт з кішэні. — Крушынскі такія не курыць. І почырк не яго. Значыць, гэты нумар «сотавіка» напісаны альбо рукою самога доктара, альбо чалавека, які іх тады падвозіў. Мы нават імя ведаем — Стась!

— Ну, Віка, — Валік адважыўся на камплімент. — Ты мала таго, што прыгожая, дык яшчэ і такая разумная, назіральная. Пазайздросціць можна!

Не Валік, а дзяўчынка пачырванела: яе так рэдка ў жыцці хвалілі. А Цім сказаў насмешліва:

— Ну, ну, потым будзеце хваліць адзін аднога… Колькі цяпер? — узяў са стала будзільнік і чамусьці прыклаў яго да вуха. — Палова на адзінаццатую? Ён правільна паказвае? У дванаццаць аўтобус на Мінск. Збірайцеся.

— Пачакай, а грошы? — ускінуўся Валік.

— Ты што, забыў? — нагадала Віка. — Крушынскі ж пакіў нам грошы!

— А ты не баішся, што цябе ўбачаць?

— Няхай бачаць, — адказаў за дзяўчынку Цім. — Няхай прывыкаюць, што яна тут. Толькі не забывайце: Віка, ты — пляменніца Крушынскага!

Раздзел XXIX

Мінск. — Званок на "сотавік". — Стась не здраджвае сваёй звычцы. — Дом у прыватным сектары. — Цімава смеласць. — Віка пазнае доктар а, а Цім — Ігар а. — Аддзяленне міліцыі. — Заява паводле ўсіх правілаў. — Крах доктара Пракулевіча з зяцем Ігарам.

Хлопцы не аднойчы ездзілі ў Мінск — і разам, і нават самі, таму дома не ўзнікла ніякіх пытанняў. Валік сказаў, што яму трэба купіць адну важную кнігу (маці нават грошы яму дала), а Цім, не прыдумваючы ніякай прычыны, проста ляпнуў:

— Паедзем з Валікам ў Мінск гуляць. Надакучыла тут.

— Ды глядзі, пад машыну не падлезь, — папярэдзіла маці. — Гэта ж Мінск, а не Вялікая Паляна!

— Не вучы вучонага. Не ў першы раз!

Віка з'явілася на прыпынку за лічаныя хвіліны да адпраўлення аўтобуса. Ніхто з пасажыраў нават не звярнуў на дзяўчынку ўвагі. Мала тут дачнікаў, перасяленцаў ды ўвогуле чужых людзей! Усё адно і хлопцы, і Віка рабілі выгляд, што яны незнаёмыя. Так і даехалі да Мінска, ні словам не перакінуўшыся.

На вакзале першым чынам купілі тэлефонную картку. Цім узяў у Вікі пачак з-пад цыгарэт. Набраў нумар — з таго самага таксафона, з якога званіў некалі Крушынскі сваім даўжнікам.

— Алё! Мне, калі ласка, трэба Стась.

— Слухаю, — буркнуў сярдзіты голас.

— Дзе вы жывеце? — пачаў хітры Цім. — Да вас ёсць важная справа. Нам трэба сустрэцца.

— А ты дзе знаходзішся?

— На ўсходнім вакзале. Цэнтральны перон.

— Тады не кладзі трубку…

Нічога не разумеючы, Цім пераглянуўся з сябрамі. Праз хвіліну ён пачуў у трубцы:

— Хочаш пабачыцца, дык азірніся.

Стась, трымаючы каля вуха "сотавік", стаяў каля самага таскафона. Яму выйсці з «масквіча» і падысці сюды было якіх метраў пятнаццаць. Ён падазрона агледзеў тройку сяброў.

— Ну, я слухаю. Што вам трэба?

Цім запытальна зірнуў на Віку. Тая крутнула галавою — не, гэта не доктар!

— Мы ад Крушынскага, — сказаў Цім.

— Якога яшчэ Крушынскага?

— Вы вазілі доктара да яго ў леснічоўку, — умяшалася Віка. — Каля сяла Вялікая Паляна.

— А-а! Ну, ведаю. І што?

— Вы ж адвезлі таго доктара назад у Мінск?

— Дапусцім.

— Вы памятаеце, куды? Нам тэрмінова трэба яго адрас!

— Яшчэ і тэрмінова, — пасміхнуўся Стась. — Не, не помню.

Стась які быў падазроны, да ўсяго і да ўсіх недаверлівы, такі й застаўся.

— А што вы за такія юныя следапыты? Навошта вам доктар?

— Крушынскі ў турме, — сказала Віка, гледзячы Стасю ў вочы. — А ён ні чым не вінаваты. Мы ведаем, што. Словам, што вінаваты ва ўсім доктар! А зваліў на Крушынскага!..

— Крушынскі ў турме? — Стась задумаўся. — Дык вы, значыць, сабраліся «абмяняць» яго на доктара? Нешта ўспамінаю. Калі ад'язджалі, дык сядзеў ён, як на цвіках… Папрасіў ў мяне аловак, паперу. У самога рукі дрыжэлі. Я яшчэ тады падумаў — штосьці ён такое замыслівае!

— Дык вы скажаце адрас?

— У прынцыпе, нам не паложана Ёсць такое правіла ў таксістаў: ніколі нікому не называць каардынаты кліентаў. Але толькі дзеля Барыса! На яго і на ваша шчасце ён мне спадабаўся. Хадзем у машыну.

Праз паўгадзіны сябры вылезлі з «масквіча» на вуліцы Адоеўскага. Злева спрэс цягнуўся так званы прыватны сектар.

— Вунь дом, — паказаў пальцам Стась, — бачыце? Прывітанне Крушынскаму. Калі вызваліцца, хай паведаміць. Ну, поспехаў!

Сябры наблізіліся да самых веснічак паказанага ім дома. Сабакі ў двары не было, ужо добра.

— Ну, паграбуся памалу, — прашаптаў Цім.

Не паспеў ён узяцца за веснічкі, як дзверы з дома расчыніліся і на парозе паказаўся. нізенькі мужчынка! Той самы, які швэндаўся па Вялікай Паляне і заходзіў на могілкі!

Следам, праводзячы мужчынку, на ганак выйшаў і нейкі стары дзед.

— Чаго табе, хлопчык? — насцярожыўся дзед, убачыўшы Ціма.

— Нічога, — адказаў той і засмяяўся. Цяпер ім ужо сапраўды нічога больш не трэба было. Усё зразумела. Вось дзе яны жывуць, сапраўдныя злачынцы!