Афганская шкатулка, стр. 27

— Дык… пачакайце! А як жа вы? Вы ж не можаце чакаць яго тут вечна! Хіба вы гадамі тут будзеце жыць?

Крушынскі нарэшце пасміхнуўся.

— А ты хацеў бы?

Валік хутка зірнуў на Віку і адразу ж адвёў вочы.

— Вельмі, — шчыра адказаў ён. Крушынскі ступіў да сяброў. Абняў абодвух за плечы.

— Харошыя вы хлопцы. Я рады, што мы пасябравалі. Гэта праўда. А наконт таго, колькі я тут прабуду… Можа, і назаўсёды. Жыць… і чакаць Васіля, канечне! — дадаў ён.

Віка сабралася правесці хлопцаў і заадно прайсціся лесам, пагуляць. Але Крушынскі спыніў яе.

— Пачакай. Нам трэба сур'ёзна пагаварыць. Настрой у Ціма быў самы паганы. Ды і ў Валіка не лепшы. Ён так хацеў прайсціся з Вікаю! А цяпер невядома нават, калі яны зноў пабачацца. Хоць ты пад вакно падкрадвайся, як зусім нядаўна яны рабілі!

— Або ён нам хлусіць, або штосьці не дагаворвае, — разважаў Цім, калі хлопцы ішлі лесам. — Або. я нічога не разумею! Калі ён сапраўды спецагент, дык такое адчуванне, што галава яго забіта невядома чым, толькі не каштоўнасцямі!

— І не Васілём, — падтрымаў Валік. Вось у гэтым хлопцы не памыляліся.

Менш за ўсё думаў цяпер Крушынскі пра інкогніта-Васіля і пра афганскую шкатулку. Апошні час ён быў сам не свой. Нейкая трывога пасялілася ў душы, і чым далей, тым больш яна мацнела. Баяўся ён і хлопцаў, якія сваёй залішняй актыўнасцю маглі «навесці» на леснічоўку, а гэта значыць — на Віку; баяўся ён апошнім часам і саму дзяўчынку. Крушынскаму пачало здавацца, што яна падманвае яго. Ён сумняваўся ў праўдзівасці яе сентыментальна-слёзнай гісторыі.

— Дык што за важная размова? — яна даўно церабіла яго за рукаў бушлата.

Крушынскі апамятаўся. Дастаў з кішэні змяты канверт.

— Я быў сёння на пошце, — сказаў ён. — Вось, прыйшоў адказ з Крыма. Чалавека з такім прозвішчам у Сіферопалі няма. І ніколі не было.

Віка таксама зрабілася сур'ёзнай.

— А адрас? А паштоўка?

— Віка, сядзь, калі ласка. Ты ўжо амаль дарослая, давай пагаворым па-даросламу. Табе не здаецца, што маці. ну, яна магла проста падабраць гэтую паштоўку дзе-небудзь? І знарок адарвала назву горада. Прыдумала сімферопальскую цётку.

— Навошта?!

— Каб даць табе хоць якую надзею. Каб ты з'ехала. Каб яна не бачыла цябе, а ты яе. такую.

Віка маўчала. Цяжкі настрой гэты перадаўся і Крушынскаму.

— Паслухай, дзяўчынка. Мне не падабаецца, што ўсё ў нас так безнадзейна застыла. Проста завісла! Я не бачу ніякага выйсця. І, калі быць да канца шчырым — я табе не веру. Прызнайся: ты гаварыла мне праўду? Усю? Бо апошнім часам я, сам не ведаю чаму, пачаў ва ўсёй гэтай гісторыі сумнявацца. Я не веру ні ў айчыма, ні ў твае прыгоды, ні ў хворую маці на вакзале, ні ў тое, што пакой у вас адсудзілі.

Віка марудна падняла на яго вочы. У іх стаялі слёзы. Разам з тым Крушынскі не мог не адзначыць, што яна ўмее трымацца. Калі загаварыла, дык голас у яе быў звычайны.

— Твая гісторыя пра Васіля, — спакойна сказала яна, — пра спецслужбы і каштоўныя камяні таксама, прабач, малаверагодная. Гэта ім, Ціму з Валікам, можаш у вушы гудзець, але не мне.

— Нічога сабе! Якія мы самастойныя! Якія вопытныя! Як ты можаш не верыць даросламу чалавеку?

Яна гмыкнула.

— Вось якраз дарослым я менш за ўсё і веру.

— Ну-ну! Якія мы самастойныя, — Крушынскі, аднак, змяніў тэму. — Добра. Пакуль што не пра мяне, і не пра маю гісторыю гаворка. Вось што мы з табою зробім. Заўтра ж паедзем у твой Гомель. Я хачу на месцы ўсё высветліць.

Яна ўскрыкнула спалохана:

— Нізавошта не паеду туды!

— Паедзеш. Як міленькая. Гэта адзіны спосаб праверыць, ці праўду ты казала. Зразумей, Віка, — ён заціснуў яе далонькі ў свае лапы, — пакуль я не буду ва ўсім упэўнены, я не змагу зрабіць для цябе. Ну, тое, што задумаў.

Разлік ягоны апраўдаўся. Жаночая цікаўнасць у ёй узяла верх над капрызам.

— А што ты задумаў?

— Пабачыш, — адказаў ён ухіліста. — Усяму свой час. І яшчэ, Віка. Я ведаю, што табе можа быць цяжка ў Гомелі… Але давядзецца пацярпець. Мы здымем кватэру. Ты будзеш сядзець там, нікуды не выходзячы. Проста мне трэба, каб ты была пад рукою.

— Ну, калі так — я згодная…

Збірацца пачалі яшчэ з вечара — хаця якія там зборы? Узяць якую перакуску ў дарогу. Памыцца, у парадак сябе прывесці. За Барса цяпер можна было не баяцца, за хлопцамі ён не прападзе.

Калі Крушынскі з нажніцамі ў руцэ прыладкаваўся перад люстэркам, каб падраўняць бараду, Віка не вытрымала:

— Ды згалі ты яе!

Ён прамаўчаў. Думаючы, што яна проста саромецца яго, барадатага, такога старога. Бо ў Гомелі яе знаёмыя могуць убачыць іх разам.

Назаўтра выйшлі з дому вельмі рана. На шашы іх падабрала першая ж «папутка», і завезла ў Жытнявічы, да саменькага чыгуначнага вакзала. Крушынскі купіў білеты. Неўзабаве яны ўжо сядзелі ў цёплым вагоне цягніка «Гродна — Гомель», які вёз іх у родны дзяўчынчын горад.

Раздзел XXII

Перамена надвор'я. — Гомель. — Кватэра па найме. — Пошукі Крушынскага. — Чаго б хацелася Віцы? — Начлежны дом. — Крушынскі падкупляе начальніцу. — Зноў барада!

Цягнік не прапускаў ніводнага слупа, спыняўся на кожнай станцыі, на кожным раз'ездзе.

Пазіраючы ў вакно, Крушынскі з Вікаю проста дзіву даваліся — як рэзка пацяплела! Яшчэ раніцаю, калі выходзілі з хаткі, канечне, на адлігу ўсё паказвала, але ў лесе поўна было снегу, і нічога не сыпалася з неба. А тут! Нібы прыехалі ў чужую краіну. Снег ляжыць толькі дзе-нідзе, туман з'ядае яго. А галоўнае, дождж стукае ў шыбіну, і гэта ў студзені месяцы!

Што ўжо было казаць пра вялікі горад. Гомель сустрэў нашых вадроўнікаў тым жа дажджом, туманам і да ўсяго бруднай кашай расталага снегу пад нагамі.

На выхадзе з тунэля ў горад стаяла жывая чарга.

— Кватэры здаем!

— Таксі, каму таксі?

Крушынскі, успомніўшы Стася, адчуў сябе чалавекам вопытным у такіх справах. Пахадзіў туды-сюды — Віка стаяла ў тунэлі, баючыся высунуцца на дождж. Выбраў чысценькую, ахайную бабульку. Ізноў, як і ў выпадку са Стасем, яму пашэнціла. Бабулька здавала двухпакаёвую кватэру на суткі, у самым цэнтры, і не так ўжо і дорага. Адно што яна адразу ж запатрабавала дакументы.

— А калі нам больш, чым на суткі, спатрэбіцца? — спытаў Крушынскі, падаючы ёй пашпарт. — За дадатковую плату, канечне!

— Ды калі ласка. Жывіце на здароўе. Абы чалавек быў харошы.

Адразу падняла настрой гэтая невялічкая ўдача. Ёсць дзе прыткнуцца — ужо няблага. Кватэра аказалася блізка каля вакзала — раз, была такая ж ахайная і чысценькая, як і яе гаспадыня — два. Праўда, і з аплатаю Крушынскі не паскупіўся.

Віка была ў захапленні. Што і казаць, не леснічоўка! Мэбля, тэлевізар, халадзільнік, тэлефон, прыбіральня, ванная.

Як толькі дзяўчынка апынулася тут і агледзела, нібы гаспадыня, усё, так адразу заявіла, што нікуды з кватэры не выйдзе, пакуль Крушынскі з усім не разбярэцца. Нават у краму не будзе выходзіць.

І не выходзіла. Крушынскі разумеў яе. Утульнасць гэтага — свайго — жытла, хоць і часовага, хоць на некалькі ўсяго сутак, але свайго, — Віка ўспрыняла як узнагароду ёй, як кампенсацыю за ўсё сваё ранейшае непрыкаяннае жыццё. Канечне, ёй трэба было проста пабыць адной. Проста пасядзець у гэтых сценах. Паляжаць у ванне. Забыцца перад тэлевізарам — а Віка глядзела ўсё падрад, ад рэкламы да бяскончых серыялаў.

Сам Крушынскі прападаў у горадзе з ранку да вечара. Вечарам заяўляўся, стомлены і галодны. Віка сустракала яго ў парозе, хапала сумку, бегла на кухню, выкладвала ў лядоўню прадукты. Крушынскі тым часам разуваўся, ставіў мокрыя чаравікі пад батарэю. Віка несла ў ванную яго скураную куртку, вешала там на «плечыкі».

— Ну, што? — пыталася з'едліва. — Як поспехі?

— Крыху ёсць…

Раніцаю, калі дзяўчынка яшчэ песцілася пад цёплай коўдраю, Крушынскі сыходзіў у туманны, хліпкі горад.

Прайшло тры дні. За гэты час Крушынскі паспеў пабываць на ранейшай Вікавай кватэры. Пагаварыў з суседзямі, хоць гэта аказалася не так і проста. Барадаты, падазронага выгляду чалавек не схіляў да шчырай гутаркі. Ды і сам Крушынскі ледзь усё не сапсаваў, адрэкамендаваўшыся: