Афганская шкатулка, стр. 23

Што да Васіля, той, неўзабаве выпісаўшыся са шпіталя і дэмабілізаваўшыся, пачынае паводзіць сябе дзіўна. Канечне, у нас ён на заметцы. Мы сочым за ўсімі яго дзеяннямі і перамяшчэннямі. А ён першае што робіць — гэта едзе ў сяло Вялікая Паляна і ставіць на свае грошы.

— Помнік! — Ціма не проста было суняць.

— Так. Той самы, які вы згадвалі сёння. На месцы, дзе пахаваны ваш зямляк-«афганец». Пасля чаго наш Васіль нібыта забыўся пра ўсё на свеце. Ды й то, можна яго зразумець! Малады, здаровы, разумны. Прайшоў вайну. З медалямі. Ад дзяўчат няма адбою. А тут яшчэ такое пачынае заварочвацца!.. Перабудова, канец Савецкага Саюза, вольны бізнес, лёгкія грошы, вясёлае, невядомае раней жыццё. Тут аб усім забудзеш, не тое што пра хваравітае трызненне нейкага калекі і пра нейкую міфічную шкатулку! Наперабой завуць Васіля ў розныя фірмы, абяцаюць залатыя горы. Пачаў ён з целаахоўніка, затым вырас да менеджэра, потым — камерцыйнага дырэктара. Грошы шалёныя, замежныя паездкі, рэстараны. іншамаркі.

Галава кругам у Васі! А мы з яго вачэй не спускаем. І не ўмешваемся. І дачакаліся. Вельмі хутка пайшлі ў Васіля няўдачы. Сяброў у яго не было; там дзе «круцяцца» вялікія грошы, сяброў ніколі не бывае. Сям'ёю не абзавёўся. Пасады свае пагубляў, прычым у зваротным парадку: камерцыйны дырэктар — менеджэр — целаахоўнік — проста вартаўнік, пакуль не выгналі зусім. Пачаў наш Васіль піць. Улез у даўгі, прадаў усё, што можна было.

А тут яшчэ звалілі на яго нейкую махінацыю, з камп'ютэрнай тэхнікай звязаную, «падставілі» яго, і хоць следчыя разабраліся, што ён тут ні пры чым, аднак месяцы тры давялося праваляцца на нарах.

— Вось і ўсё, — абарваў сам сябе Крушынскі. — У нас ёсць самыя дакладныя звесткі, што неўзабаве Васіль павінен тут з'явіцца. Тады ён і выведзе нас на месца, дзе схавана шкатулка.

Віка, пераглянуўшыся з хлапчукамі, нерашуча спытала:

— А ён… хіба не мог забраць яе раней?

— Не мог. У камеру да яго мы падсадзілі свайго чалавека. Аднойчы Васіль і прагаварыўся. Маўляў, так і так, вось выйду адсюль, адпачну, адляжуся. А потым махану ў адно месца, дзе мяне капітал чакае. Раней, сказаў яшчэ Васіль, грошы і без таго вадзіліся, таму не было патрэбы чапаць гэты свой «персанальны банк». Вось цяпер і мы яго пачакаем! Каб узяць цёпленькім, а шкатулку з каштоўнасцямі вярнуць таму, каму яна па законе належыць — дзяржаве.

— Пачакайце… Вось толькі… — Валік зрабіў задуменны выгляд.

— Што толькі?

— Навошта чакаць Васіля? Няўжо нельга самім паспрабаваць адшукаць шкатулку?

— І то праўда! — падтрымаў Валіка Цім. — Мы ж тут усё чыста ведаем, кожны куточак!

— Не раю вам гэтым забіваць сабе галаву. Без Васіля шкатулку нам не знайсці ніколі. Няўжо вы думаеце, што за пятнаццаць гадоў мы б яе не адшукалі б, каб можна было?! Пра шкатулку забудзьце. Нас павінен цікавіць толькі Васіль.

Цім уздыхнуў расчаравана.

— А можа, паспрабаваць усё-ткі? — спытаў з надзеяй. — Яшчэ раз? У нас у сяле жывуць два «афганцы» былыя. Можа, з імі што-небудзь звязана?

— Нічога з імі не звязана! — адказаў Крушынскі. — За каго вы нас, спецслужбы, прымаеце? На іх мы выходзілі, і неаднойчы. Апытвалі. Глуха! Яны зусім у іншы час служылі ў Афганістане. Так што ўсе канца губляюцца, і толькі Васіль можа іх разблытаць. Зразумела?

— Зразумела…

— І чаму я вам гэта расказваю — таксама? Вы проста змусілі мяне! Бо я баяўся, што вы разнясеце розныя плёткі па ўсім сяле, і нейкім чынам Васілю пра мяне стане вядома. Тады ён яшчэ не скора тут паявіцца! Але раз ужо вы аб усім ведаеце — самі павінны разумець: цяпер мы звязаны адной вяровачкай. Цяпер вы проста вымушаны маўчаць! Згода?

— Яшчэ б!

— Канечне!

— Мала маўчаць; раз вы ўжо ў курсе справы, дык павінны яшчэ і памагаць мне!

— Мы згодныя!

— Але як?! Чым?!

— Ну, напрыклад, вы ж разумееце, што я часта не магу бываць у сяле. А вы жывеце там. Гуляеце, лазіце паўсюль. Хлопцы вы назіральныя, сур'ёзныя, умееце трымаць язык за зубамі. Таму патрабуецца ад вас ўсяго толькі — заўважаць незнаёмых падазроных людзей. Кожны з іх можа аказацца Васілём. І тады дакладваць мне. Усё гэта не за так, не за бясплатна, — дадаў Крушынскі. — Калі вам пашэнціць, калі вы справіцеся і высачыце Васіля, вас чакае ўзнагарода. Хто з вас што б хацеў?

Пытанне дык пытанне! Тут любы задумаецца! Гэта ж яшчэ гледзячы што разумее пад «узнагародай» Крушынскі. Можа, для яго гэта — звычайная аўтаручка з блакнотам? А можа, аўта… мабіль! А можа, пуцёўкі ў кругасветнае падарожжа? Паміж аўтаручкай і аўтамабілем разбежка ой-ё-ёй, і трэба яшчэ ведаць межы гэтай будучай узнагароды!.. Дый ці не розыгрыш гэта?

Але Крушынскі быў сур'ёзны.

Віка адвярнулася і абыякава пазірала ў вакно. Каму-каму, а ёй узнагарода не свяціла.

— Ну? — падагнаў хлопцаў Крушынскі. — Ты, Ці м, што хацеў бы?

— А можна… матацыкл? Хоць бы «Мінск»! — дадаў ён паспешліва і чамусьці вінавата.

— Матацыкл? А колькі табе гадоў?

— Трынаццаць…

— Дык як жа ты «на правы» здасі?

— А ён бы стаяў у мяне ў гаражы, чакаў, пакуль вырасту!

— Будзе табе матацыкл, — урачыста паабяцаў Крушынскі.

На тым і развіталіся. Быў прызначаны дзень, калі хлопцы могуць наведвацца ў леснічоўку — серада, і час — толькі раніцаю. І, само сабою, каб ні адна жывая душа не даведалася!

Калі хлопцы пайшлі, Крушынскі не хаваў радасці.

— Ну, цяпер, спадзяюся, можна жыць спакойна, — сказаў ён.

Але Віка была панурая.

Раздзел XVIII

Прывабнасць тайны. — Цімава прага дзейнасці. — Помнік. — Два «афганцы». — Паход да Міколы Танкіста. — Валікаў сакрэт.

І так, цяпер усё стала на свае месцы. Усё было зразумела: хто такі «барадач», чаго ён тут ашываецца, што за «нявольніка», ці лепш сказаць, «нявольніцу» трымае ў сваёй леснічоўцы. Усё было проста, нават будзённа. Але вось жа дзіва! Рэальнасць і будзёнасць гэтыя аказаліся нашмат цікавейшымі за ўсе фантазіі!

Пасля знаёмства з Вікаю і з Крушынскім жыццё нашых хлопцаў набыло зусім іншы сэнс. Бо адна справа — проста жыць, як і ўсе навокал. Есці, піць, спаць, тэлевізар глядзець, урокі вучыць. У хакей гуляць, на лыжах па лесе гойсаць.

І зусім іншая — ведаць тое, чаго ніхто больш не ведае! Жыць з адчуваннем тайны. Насіць яе ў сабе. Ды яшчэ якой тайны! Дзяржаўнай, з каштоўнасцямі звязанай… Ужо адно ведаць пра гэта — амаль тое самае, што шукаць скарб, нават яшчэ цікавей!

А на двары нарэшце ўсталявалася сапраўдная зіма. Са сваімі снягамі, траскучымі маразамі, ранішнім інеем на дрэвах і вечаровымі зоркамі на небе. Вось-вось будзе любімае свята — Новы год. Школьная елка. Зімовыя канікулы. Таму няпраўдаю будзе сказаць, што Цім з Валікам так ужо «зацыкліліся» на пошуках шкатулкі з каштоўнасцямі, каб не заўважыць і не цаніць іншых радасцяў жыцця.

І ўсё ж! Недзе на трэці дзень пасля выпадку ў леснічоўцы Цім падзяліўся з сябрам сумненнямі:

— А што, калі ён проста маніў нам? Каб перасталі за ім сачыць? Потым — гэтая Віка. Чаму яна да яго ні з таго ні з сяго прыехала?

— Ну, чаму… — няпэўна адказаў Валік. — Не ведаю! Сама яна не гаворыць, а распытваць няёмка. Зрэшты, а чаго ты яшчэ хацеў? Мы і так даведаліся больш, чым трэба. І пра барадача, і пра яго «закладніка». Больш мы проста нічога не можам!

— У тым і справа…

Няўрымліваму Ціму прагнулася дзейнічаць. А прастору для дзейнасці было якраз і няшмат. Склаўшы рукі, сядзець і чакаць, пакуль аб'явіцца ўласнай персонаю Васіль? Добра. Але нават такое пасіўнае чаканне не магло быць да канца апраўдана. Ну, дапусцім, прыедзе Васіль. І што — ён будзе гуляць па ўсім сяле, галаву задраўшы? У ва ўсіх на вачах?

Хлопцам заставалася толькі паспрабаваць вызначыць тыя вельмі нямногія шляхі, якія хоць неяк, хоць ускосна, але перасякаюцца з «афганскай» гісторыяй. Можа, і намацаецца якаясь танюткая нітачка? Пацягнуўшы за якую, можна будзе паспрабаваць разблытаць увесь клубок.