Хрыстос прызямліўся ў Гародні, стр. 79

— Кінуць! — крычалі адусюль. — У агонь!

Дзесяткі рук схапілі яго і панеслі да пажарышча, узнялі, пачалі разгойдваць.

— Стой, — сказаў Хрыстос.

Дзіўна, яго пачулі адразу.

— А што, кепская з яго будзе смажаніна, хлопцы? — усміхаючыся, сказаў ён.

— Д-ды нельга сказаць, каб самы смак… — вусы сівавусага варушыліся.

— То хай ён трохі яшчэ лою нагуляе, смаркуль, — сказаў Хрыстос. — Будзе ведаць, як са сваімі цацкамі ў сур'ёзную гамонку лезці.

Людзі вызвалена зарагаталі.

— Хай паплачацца ў тых, хто даслаў, дурань няшчасны. Можа, яму цыцу дадуць.

— Няма ў іх.

— А чорт яго ведае. Там у іх адзін Лотраў прычотнік ёсць, рымлянін, то, дальбог, не разбярэш, хто ў іх там мужык, а хто баба.

— Забі, — хрыпеў кінуты. — Забі, сатана.

— Ідзі, — сказаў Хрыстос, — ідзі, пакуль не перадумаў. Бач, з ножыкам яму абысціся, бы ў свайку згуляць. Гэта ж падумаць, руку на чалавека!

Кінуты ляжаў, як мех з анучамі. Усе глядзелі. Пасля ён узняўся і павольна, не сваімі нагамі, пайшоў прэч ад агню, у цямноцце.

— Іосія, — сказаў Хрыстос, — ану, пройдзем.

Яны спусціліся па адхону да самага крайняга вогнішча, над самай ручаінай. Людзі засталіся каля царквы глядзець на агонь.

— Няма, брат, на свеце лепшага відовішча за пажар, — з павагай да іх сказаў Хрыстос. — Калі, вядома, гарыць не твая хата.

Падумаў і дадаў:

— Калі гарыць не чалавечая хата.

І сеў, скідаючы хітон.

— Паглядзі, што гэта ў мяне на спіне.

Іуда ахнуў. Хітон густа набракнуў крывёю. Сарочка была хоць выцісні.

Абмываючы цела, іудзей сказаў:

— Адно я здзіўляюся, як цярпеў? Другое я здзіўляюся, як гэта ўсё так абышлося? Проста глыбокі парэз.

— Нельга паказваць крыві, разумееш. — Шкаляр заскрыгатаў зубамі, калі сушаная трава-крываўка лягла на рану. — А наконт другога, то правільна здзіўляешся. Вялікі майстра наносіў удар. Надвае распаласаваў бы, каб не пашэнціла.

— Добрае шанцаванне. Далі былі па шыі, але пашэнціла, паспеў унікнуць. Крутануўся, і ўсяго толькі і выбілі, што восем зубоў.

— Пашэнціла. Зажыве, як на сабаку. Пашэнціла, што ікол узяў. Смертаносная брыда, не ўратуешся. Але скрыўленая. Што да рукі, што і да цела прылягае… О-ох! Калі сустрэне перашкоду — слізгане, і ўсё. А я ў сукню там дваццаць залатых шчыльна нашыў. Ты, конаўка, заўсёды ніц не ўтаропаеш, раздасі, а раптам варту падкупіць давядзецца або коней дастаць, калі смерць на плячах вісець будзе? То ж бо! А яшчэ кажуць, што грошы — ад д'ябла.

Калі яны вярнуліся да пажарышча, натоўп неяк дзіўна маўчаў.

Усе глядзелі на іх.

— Ну, пагаварылі? — спытаў сівавусы. — Цяпер што?

— Не ведаю.

— Павінен ведаць, раз Бог, — аблічча маладога было страшнае.

— А калі я шкаляр?

— Усе мы шкаляры ў Бацькі Нябеснага, — непахісна сказаў сівавусы.

Страшная сіла была ў ягоных словах і пільным позірку.

— Я чалавек.

— І сын Божы быў чалавек, — вочы ў сівавусага былі як жар, можа, ад зарыва.

— Ды я…

— Кінь, ты і тады баяўся, як упершыню прыходзіў. Гэта нічога. Мы цябе ў крыўду не дамо.

— Не ведаю, аб чым кажаш ты. — Хрыстос адчуваў, што яго зацягвае, што дарогі назад няма.

— Брэшаш, ведаеш, — прарвала раптам сівавусага. — Павінен быць Бог, раз нам гэтак кепска, раз нам — смерць. — Горла ягонае раздзімалася. — Не смей ношай грэбаваць.

— Скінеш яе з плеч — канец нам, — горача зашаптаў малады.

Фама раптам крэкнуў і ўстаў:

— Вось што, хлопчыкі. Я мяркую, гэта ў вас дух Божы ўсяліўся. Чаго пытаць, раз усе вы пра адно зараз падумалі. А раз усе пра адно — ад каго гэта, як не ад Яго? Ну і дзейнічайце сабе, чаго да Бога па дробязях прысталі? Усё адно, як старая баба: «Божачка мой, зрабі, светленькі, каб мой певень курэй маіх удала таптаў, каб не было больш баўтуноў, каб піскляткі крапіўку хораша дзяўблі». А Богу толькі і справы да таго пеўня і да таго, што баба, дурная, новага не купіць. Хоць ты самому тых курэй тапчы.

Рогат.

— Думаеце аб адным, што хлеба няма — і ён пра гэта думае. Што ўвесь хлеб у пэўным месцы і яго трэба ўзяць — і гэта думка ад яго. Што трэба нам, пакуль нас шмат, не па хатах ісці, а туды, бо раней сяўбы ўзяць трэба хлеб, каб было чым сеяць. Ды заадно і вінаватых у голадзе за гардзёлку патрэсці.

Радасны, агульны крык узвіўся над пажарам.

— Дзякуй, Тумаш, — ціха сказаў Юрась. — І ім і мне трэба туды. Толькі сам, без цябе, без гэтага крыку, я б іх туды не наважыўся клікаць. Сорам. Нібы дзеля сябе на смерць вяду.

— Ну і дурань, — сказаў Фама. — Няма за што. Чуеш, як крычаць?

— Мілы, — ціха і горача сказаў сівавусы. — Зразумей, усё адно. П а в і н е н б ы ў т ы п р ы й с ц і. Бог… Чорт… Чалавек… Усё адно. Але не паверым мы, што ты не Бог. Не таму, што дзівы твае бачылі. Таму, што бязвер'е нам зараз — смерць.

І ён зразумеў, што ўсё зрабілася так, як павінна было быць і як хацеў ён сам. Невядомая сіла прывяла яго сюды, каб настала гэтае імгненне, і ўжо сам ён вядзе ці яго вядзе шматтысячнае наканаванне — усё адно. Ён узняў рукі.

— Людзі, — ціха сказаў ён. — Дзецюкі! Народ мой! Адна ў нас дума, і няма больш сілы маёй трываць, як няма яе ў вас. Цяпер — да канца.

Маўчанне. Бо Юрась узняў рукі.

— Хлеб у Гародні. Але я не хачу думаць, што ідзём мы па адзіны хлеб. Не хлеб яны ўзялі ў свой Вавілон, у кубло гадзючае, а хлеб дабрыні вашай, літасці, даверу. Не толькі той кавалак, што несяце ў рот, а той, які далі б жабраку, суседу, у якога вымерзла ніва, брату з суседняй весі, брату, што прыйшоў з зямлі, на якой голад. Няма ім за гэта даравання, дзе б ні схаваліся — у доме рады, у зборні, у кляштары, у царкве ці касцёле. За абражаную веру ў дабрыню чалавечую — няма даравання, вы яшчэ зразумееце гэта. За тое, што кожны дзень там распінаюць чалавека, даравання няма. Мог бы я вам сказаць словамі пісання, накшталт: «Ачышчаюць вонкавасць чашы і блюда, а ўнутры поўныя яны рабунку і няпраўды». Або: «Абходзяць яны сушу і мора, каб схіліць хаця адну душу, хаця аднаго, і, калі гэта здараецца, робяць яго сынам пекла, удвая горшым, чым самі». Але нашто мне казаць вам гэта? Пісанняў на зямлі шмат. Праўда чалавечая — адна!

У гэты момант, відаць, абурыўся алтар і аркі прытвораў. Страшэнны парыў ветру рынуў у трубу званіцы, і ад яго на ёй глуха, бязладна, страшна, самі сабою забухалі, зараўлі званы.

— Вось і набат, — сказаў сівавусы.

Гэта сапраўды было падобна на нечалавечы, магутны набат. Раўла нібы сама зямля.

РАЗДЗЕЛ ХХХVІІІ …І ЧАГО ПАСКУДНІКІ НЕ ЛЮБЯЦЬ, АБО ЦАРКВА ВАЯЎНІЧАЯ

Слухаючы гэта, яны разрываліся ад гневу…

Дзеянні, гл. 5, ст. 33

Падрыхтуйце таксама аслоў…

Дзеянні, гл. 23, ст. 24

На гэты раз яны сядзелі ў вялікай троннай зале. Магчыма, адчувалі важнасць моманту, магчыма — думалі, што болей ім тут сядзець не давядзецца. А хутчэй за ўсё хацелі надаць кожнаму свайму загаду адценне ўрачыстай дзяржаўнасці, кожнае слова сказаць нібы ад пустога каралеўскага трона белай косці з золатам, ад імя гэтага знака, старажытнага, паганскага яшчэ, шасціканечнага крыжа, ад імя Патрона з мячом і дзідай, які распасцёр над усім гэтым капыты свайго каня.

І не думалі яны, што няма да іх справы ні крыжу, ні конніку, ні трону. Проста тыя глядзелі з вышыні, як трапечуцца нешта пад імі першыя людзі горада. Першыя ў пашанах — першыя ў заганах.

Некалькі гадзін таму яны зведалі, у дадатак да таго, што замах не ўдаўся і што шэры некуды знік, яшчэ і тое, што мужыцкі натоўп, на чале з ілжэ-Хрыстом, ідзе на Гародню і адлегласці да яго самае большае два дні. Яны не спадзяваліся, што ён можа рухацца так хутка. А ўсё было вельмі проста, і чарговы ганец растлумачыў гэта.

Людзі Хрыста дарогаю куплялі коней у мясцовых жыхароў. Танна куплялі, бо кожны прадбачыў зімнюю бяскорміцу і рад быў прадаць лішняга каня, калі меў. Акрамя таго, людзі спяшаліся ісці. Ліхаманкава спяшаліся. Наддзіраліся, каб толькі прыйсці хутчэй. Жнівень пераваліў на другую палову. Прагна чакала зямля. Знемагала па тым часе, калі прыкрые зерне пухавой, чорнай коўдрай. Трэба было хутчэй даць сім-тым па кіпцюрах, узяць нарабаванае і спяшацца.