Хрыстос прызямліўся ў Гародні, стр. 77

…На падлогу сапраўды высыпаліся каменьчыкі. І ўсе аслупянелі.

А пасля пачаўся шабаш і садом: стогны, плач, дзікае выццё ад жаху, выгукі. Ледзь не істэрычныя галасы на верхніх нотах выкрыквалі псалмы.

— Нечасцівыя не будуць прад вачыма тваімі: ты ненавідзіш усіх, хто робіць беззаконне.

Нехта рыдаў:

— Бо няма ў вуснах іхніх ісціны… Асудзі іх, Божа, хай падуць яны ад задумаў сваіх; па мноству нячэсця іхняга, адрынь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць цябе.

Яшчэ адзін гарлаў, як спалоханы змяёю бугай:

— Сакрушы мышцу нечасціваму і злому так, каб шукаць і не адшукаць ягонага нячэсця.

Хрыстос стаяў над гэтым стоўпатварэннем і ўсміхаўся. Зараз ён пагарджаў толькі гэтымі.

Музыка змянілася. Нехта, відаць, зняверыўся ў псалмах і пачаў заклінаць, як цёмныя яго бацькі:

— Чорт Савул, чорт Калдун — паступіцеся. Пане наш Пяруне, Езус наш найлітасцівы, Вялес, быдлячы Бог і Ўласі святы, рассейце, забурыце падкопы, зрабіце, каб каменні ў першую форму сваю абярнуліся.

Пасля гэтай дзікай какафоніі звалілася раптоўная цішыня. Мніх схіліўся над каменьчыкамі і асцярожна, як жар, памацаў іх:

— Н-не памагло.

Твары былі збянтэжаныя і расчараваныя. І тады мніх узняў евангелле, псалтыр і заклінальную кнігу і шваркнуў іх аб падлогу:

— Калі такога д'ябла не бачылі — ідзіце з ім самі да ўсіх д'яблаў!

«…але калі тое каменю нічога не памагло, мніх кнігі свае заклінальныі, разгневаўшыся, кінуў аб зямлю, мовечы: ежасмы такога дыявала не бачылі, пойдзеце там з ніх да ўсіх д'яблаў».

Гучна, страшна бразнуліся аб каменныя пліты цяжкія тамы ў скуры, дрэве і золаце. Якуб Алфееў заплюшчыў вочы.

Яму здалося: ударыў пярун, і д'ябал, дзіка зарагатаўшы, з'явіўся ў агні, схапіў кнігі пад пахі, што смярдзелі потам, серай і паленымі грэшнікамі, зрабіў непрыстойны рух у суправаджэнні гэткага ж гуку і пярунападобна ўзляцеў.

Ён узняў вейкі і зразумеў, што гэта коцяцца сходамі, уцякаюць манахі. Кнігі па-ранейшаму ляжалі на падлозе.

Хрыстос кідаў з гульбішча ў народ ахапкі караляў і грошы:

— Спакойна падыходзьце, людзі. Бярыце па залатому або па жамчужыне. Хопіць гэтага на зіму, абы было дзе купіць. Бярыце! Не патрэбна гэта ні Жытняй маці, ні мне. Нясіце дзецям! Жывіце! Дзеля каго, як не дзеля сябе, сабралі ўсё гэта яны?!

Залаты дождж падаў на рукі людзей. І за ўвесь гэты час ніхто не штурхнуў другога, не наступіў на нагу, не вылаяўся, не ўзяў больш адной жамчужыны, або адной манеты, або — калі сям'я была дужа вялікая — дзвюх. Грошы належалі Жытняй маці, іх нельга было шарпаць.

— Хіба яны пастыры? Яны аддаліся распусце так, што робяць усялякую нечысціню з ненаеднасцю. Морды іхнія горш за д'яблаў азадак. Мацей яшчэ аб іх сказаў — праўда, Мацей?…

— Н-но…

— Любяць, мярзотнікі, прадузляжанні на бяседах і старшынствы ў сінагогах… І прывітанні ў народных сходах і каб людзі звалі іх: «Настаўнік! Настаўнік!»

Моўчкі, сурова слухаў люд.

РАЗДЗЕЛ ХХХVІ ШТО ЛЮБЯЦЬ ПАСКУДНІКІ, АБО ШПІЁН

І не дзіва; таму што сам Сатана прыймае выгляд анёла святла.

Другое пасланне карынфянам, гл. 11, ст. 14

Не еш занадта цукру — завядуцца ў цябе там, дзе не трэба, пчолы.

Беларуская народная мудрасць

Яны сапраўды любілі тое, аб чым казаў людзям з гульбішча Братчык. Але зараз ім было не да гэтага, таму што больш за ўсё яны любілі свой спакой, сваю ўладу і саміх сябе. Першае паляцела сёння да ўсіх д'яблаў, разам з віленскім ганцом, і можна было меркаваць, што калі так пойдзе і далей, то палятуць другое і трэцяе.

Таму не было больш шчадралюбага сходу за ўсю гісторыю ў вялікай суднай зале. Усе зліўкі сабраліся тут сёння бараніць сваю любоў.

Сядзелі ўсе духоўныя асобы, як каталіцкія, так і праваслаўныя, бо любоў іх была аднолькавая; сядзелі радцы і войт, бо яны падзялялі тую любоў. Сядзеў Карніла, бо яму загадвалі ад імя любві. Сядзеў бурмістр Юстын. Па прывычцы хутчэй, бо першых дваіх любовей яго паспяхова пазбаўлялі, і таму ён не мог любіць і паважаць сябе.

Перад любяшчымі стаяў расстрыга Іллюк, раней прарок па схільнасцях, цяпер — па заданні:

— Вось і ўсё… А людзі ў горадзе гавораць, што неадменна ён цяпер за Гародню возьмецца… Маўляў, хай толькі пакліча — усе пойдзем… Маўляў, вось гэта сапраўдны Хрыстос наш. На што ўжо татары ды іудзеі — і тыя яго чакаюць. Назва, кажуць, імя — гэта справа дзесятая. Па-іхняму ён Хрыстос, па-нашаму «месія», «махадзі» і чорт яго ведае яшчэ як.

— Добра, Іллюк. Але ж мы адразу анафему яму агаласілі, — сказаў Лотр. — Як гэта слухаюць? Няўжо няма постраху?

— Плююцца, — апусціў звярыную галаву Іллюк. — Кажуць: «Гэта ўсё адно…»

— Ну, чаго замяўся?

— Не карайце… «усё адно як д'яблы анафематствавалі б анёла».

— Т-так, — сказаў Басяцкі. — А юроды крычаць? А ты?

— Крычым. «Сарамата галізны яго… Журба вялікая… Звер, вачыма споўнены спераду і ззаду». Як пажахлівей крычым, каб незразумела. «Сонца, як валасяніца! Мора робіцца крывёй! Сем тысяч імён чалавечых у адной Гародні загіне!»

Ён загікаў і закрычаў так, што ва ўсіх мароз прабег спінаю.

— А яны не зважаюць. Кажуць, усё адно жыцця няма. І сёння Кірык Вястун, каваль ды дудар «Братачка» гаварылі нейкаму вусатаму, каб ён заставаўся тут і памагаў… А мы, маўляў, выходзім і чакаем, а нейкі Занон (адзін Гаўрыла ў Полацку!) каб збіраў людзей, ды хадзем яму насустрач.

— Знайшлі? — спытаў Камар.

— Не, — адказаў Карніла. — Паспелі ўцячы. А Зянона ніхто не ведае. Пэўна, не з Гародні.

— Ч-чорт! — сказаў дамініканец. — Ну добра, пакуль нічога не здарылася. Менавіта п а-к у л ь. Небяспека ёсць, але пакуль толькі цень небяспекі. А вы то памылку за памылкай рабілі, а то галовы ад жаху пагублялі. Нарадзілі пачвару і не ведаеце, як утаймаваць.

Сказаў ціха:

— Іллюк, ты пакрыўджан. Знайдзі людзей, здатных раз ударыць нажом.

— Не выйдзе, — сказаў Іллюк. — Усе моляцца на адну ягоную памяць. А і я таксама баюся. На кавалкі расшкамутаюць. Вераць. Няхай сабе ён гэта і сілаю Вельзувела дзівачыць.

— Шкада. Мог бы атрымаць трыста злотых.

— Мёртваму што трыццаць, а што і тры тысячы.

— І ўсё ж паклапаціся аб нажы. Іначай…

— Пастараюся, — зразумеў Іллюк. — Пастараюся знайсці.

— І яшчэ пастарайся крычаць галасней, што гэта антыхрыст, што цяжка адразу разабрацца. Ідзі.

Іллюк пайшоў: сумёт бруднага меху і нячэсаных валасоў. Сінкліт маўчаў. Пасля Лотр буркнуў:

— Смурод які! І любіце ж вы гэтых шпіёнаў, віжоў, даносчыкаў. Сорам проста.

— А вы не любіце? — ціха спытаў дамініканец.

— Па-мойму, таксама глупства гэта, — сказаў біскуп Камар. — Не сачыць трэба. Не сачы, а сячы. Пій V мае рацыю*.

* Адкуль біскуп Камар і дамініканец Басяцкі маглі ведаць, што скажа венецыянскаму інквізітару і трыбуналам Пій V, пантыфікат якога прыходзіцца на 1566-1572 гады, ледзь не на пяцьдзесят год пазней за нашы падзеі, аўтар не ведае. Але прадбачэнне імі будучыні трэба таксама аднесці на кошт промыслу Божага. Геніі празараюць праз дзесяцігоддзі і нават стагоддзі.

Твар наліўся бурай крывёй, пенныя заедзі заварушыліся ў кутках рота:

— Памятаеце ягоную інструкцыю веніцэйскаму інквізітару? «Катуйце без жалю, шматуйце без літасці, забівайце, спальвайце, знішчайце вашых бацькоў, матак, братоў, сёстраў, калі выявіцца, што яны не аддадзены слепа вярхоўнай ідэі». Вось гэта па мне. Вось гэта так. І паўсюль добрыя гасудары так робяць: і наш, і французскі, і сам папа, і вялікі князь маскоўскі… хаця ён і схізмат.

Дамініканец кашлянуў.

— Залатыя словы, — саркастычна сказаў ён. — Толькі ваша вучоная галава, па занятасці, відаць, ведала інструкцыі Пія інквізітарам і не ведала інструкцыі таго ж Пія трыбуналам. А там сказана: «Завядзіце столькі шпегаў і даносчыкаў, колькі вы ў стане аплаціць. Абавяжыце іх назіраць за міранамі… і даносіць вам аб усіх грамадскіх і прыватных непарадках. Ніколі не стаўце пад сумненні іхнія паказанні, паражайце ўсіх, на каго яны вам будуць указваць, нявіннага або вінаватага, бо лепей умярцвіць сто нявінных, чым пакінуць у жывых хаця б аднаго вінаватага».