Хрыстос прызямліўся ў Гародні, стр. 110

— Алёйза… Альбін-Рагвал, — раптам ціха, але цвёрда сказаў юнак. — Не палохайся толькі, добра?

— Чаго?

— Я скажу табе зараз страшнае. Тое, чаго дагэтуль я ніколі не чуў. А можа, і ты не чуў.

— Ну.

Францысканец сапраўды спалохаўся. Тон словаў маладога чалавека быў той, якім гавораць, адсякаючы ўсё сваё папярэдняе жыццё, а можа, і ўвогуле абрываючы ніць гэтага жыцця. А ён любіў гэтага юнака больш, чым любіў бы сына.

— Бога няма, брат Альбін.

Упершыню за ўвесь час на румяных вуснах Бекеша не было ўсмешкі. Раней ён заўсёды, хаця ямкаю ў куточку рота, усміхаўся жыццю. Цяпер гэта быў суровы і справядлівы рот мужчыны.

— Каб не тыя людзі, гэтага чалавека распялі б. І Бог дазволіў бы апаганіць бязвіннай смерцю сімвал сваіх пакут.

Ён гаварыў, нібы прыслухоўваючыся да таго, як звінелі мячы.

— Гэты крыж сёння забіў ува мне веру. Я цяпер ведаю: толькі вайна з імі, а міру з імі не можа быць. І няхай заб'юць. Няхай адмовяць у адпяванні. Калі я, Кашпар Бекеш, памру, я і тады загадаю выбіць на сваім надмагільным камені: «Не хачу прызнаваць Бога, пекла не баюся… не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна памерла разам са мной».

Крыштофіч страшэнна баяўся яго і ўсё ж любаваўся ім. Рэзкае ў выліцах, цудоўнае чалавечае аблічча. Хлопчык нарадзіў сваю думку. Хлопчык не спалохаўся паўстаць, — сорам яму, Крыштофічу, кінуць яго на новым шляху. Што яму да Бога, калі побач ёсць вось гэты, самы дарагі яму чалавек? І ўсё ж Альбін сказаў:

— Кінь аб смерці. Ты будзеш жыць доўга. Будзеш вялікі вучоны. Будзеш слава Гародні, слава Беларусі, слава Літвы.

— «Не ведаю, які я вучоны быў, — так загадаю я запісаць на камені. — Але я быў багаборац. Бо цела не будзе і душы не будзе, але дабрыня, але справы, але сэрцы людзей не прэстануць быці. Адзін чалавек навучыў мяне гэтаму. Не быў ён Богам, але не было сярод усіх хлуслівых багоў падобнага яму».

Голас ягоны зрываўся ад хвалявання.

— «І я ўсім жыццём… Усёй смерцю сваей… І не баючыся яе… перадаваў вам яго нянавісць і любоў, беларускія і ўсе іншыя людзі. Смерці не баючыся, перадаваў вам… дабро».

Агонь скакаў па твары Бекеша. А наводдаль заціхаў, заміраў бразгат мячоў.

РАЗДЗЕЛ LХІІ І АПОШНІ ПАСЕЎ

Людская жорсткасць, злосныя жаданні
Не здолеюць нападам безупынным
Мне вочы чорнай засланіць завесай,
Схаваўшы сонца залатое ззянне.

Дж. Бруна

Ужо некалькі дзён усе яны жылі на хутары Фаўстыны. Жылі і радаваліся сонцу, бязмежным нівам, перасечаным сям-там грыўкамі лясоў, цяністаму саду і старому цёпламу дому пад шматгадовай тоўстай страхой.

Цягнулася па дне лагчыны малая рачулка, звінела ўначы. Над рачулкай, на ўзгорку былі старыя, амаль закінутыя, вясковыя могілкі і напаўразбураная капліца ў зарасцях шыпшыны.

На трэці дзень прыйшлі на хутар Фама і Ціхон Вус. Ніхто не казаў ім, дзе шукаць Хрыста, проста Вус успомніў, хто з «братоў у Хрысце» застаўся жывы пасля разні, у каго ёсць на вёсцы сваякі; урэшце скеміў, што да крэўных сваякоў яны наўрад ці пойдуць, і амаль з поўнай упэўненасцю павёў Фаму на хутар Кляонікавай нявесты.

Усе думалі, што іх даўно няма ў жывых. Вястун сам бачыў Фамову «смерць» пад звонам, і таму радасці не было канца, тым больш што пры нападзе на эшафот загінула вельмі мала людзей, а астатнія рассеяліся і былі ў бяспецы.

Фама і Вус прынеслі дзіўную вестку.

…Наступнага дня пасля няўдалай галгофы тысячнік Карніла запрасіў Лотра і Камара да сябе «на пачостку». Атрымаў згоду. Калі ж тыя ўвайшлі ў трапезную дома Карнілы, то ўбачылі там Ратму і зразумелі, што гэта ўсё. Людзі Ратмы між тым абяззброілі ў двары варту пастыраў і сталі ў дзвярах трапезнай.

На пытанне, што гэта ўсё азначае, Карніла адказаў, што ўсё жыццё ён верыў і выконваў загады і нават лічыў за святую праўду, што вось Паўла знішчаў хрысціян і менавіта таму яго ўзвялі ў апосталы і святыя. Цяпер жа ён вырашыў, што астачу жыцця трэба, хай сабе і кепска, а думаць. І першае, што ён надумаў, гэта паглядзець, якое права мелі яны аддаваць яму загады, ці іншая, ці лепшая ў іх кроў.

Прапанаваў вырашыць справу Божым судом: адзін супраць дваіх. Прычым, тыя будуць біцца за сябе, а ён бярэ на сябе абарону Братчыкавай праўды. Пакляўся і прымусіў паклясціся Ратму, што калі ён загіне — пастыры выйдуць з двара цэлымі і вольна вернуцца дамоў:

— Паколькі… гэта… толькі Ян Непамук мог гуляць з уласнай галавою пад пахай.

Пастыры біліся не горш за кожнага ваяку. Амаль гадзіну стаяў у трапезнай бразгат мячоў, луналі выгукі, чулася дыханне трох глотак, падаў посуд, ламаліся лавы і сталы.

…А яшчэ праз гадзіну Ратма са сваімі людзьмі вырушыў з Гродні ў Наваградак. На насілках неслі зраненага Карнілу, які перайшоў на службу новаму магутнаму ўладару разам з найбольш адданымі са сваіх людзей, а адзін з воінаў вёз у туга завязанай скураной торбе дзве адсечаныя галавы. Галовы не былі запэцканыя ў кроў, бо іх адсеклі ўжо ў мёртвых.

Ваявода спяшаўся. Ён спадзяваўся яшчэ ў дарозе нагнаць сяго-таго і аддаць яму доказ, што клятва выканана, што чалавек той можа быць спакойны.

Хрыстос, дачуўшыся аб нечаканым абаронцы ягонай праўды і выканаўцы Божага суда, бязмерна здзівіўся, але і задумаўся. Дзіўныя рабіліся справы. Ён, такі спачатку бездапаможны і слабы, застаўся жыць, а з тых, магутных, што калісьці навязалі яму страшную тую гульню, не засталося ніводнага.

Трэба было, аднак, кідаць хутар і падавацца далей. Хрыбтовічу ніхто нічога не здолее зрабіць. Ён магутны магнат, і, пры ягонай дабрыні, не толькі войска, але і простыя людзі не кінуць яго. А моц караля моцна падсечаная.

Але сюды, на гэтую зямлю, могуць нагнаць, пасля ўсіх падзей, войска, узмацніць пільны нагляд за ўсім. Трэба было ісці.

…Магчыма, калі-небудзь я раскажу вам, што было запісана двума сведкамі, Фамой і Іудам, у іхняе «евангелле», калі былі яны на схіле дзён. Раскажу, як жыў мужыцкі Хрыстос далей, якія рабіў справы, як знайшоў з Анеяй свой шлях і сваю зорку, як прыдбаў сабе і сябрам разуменне, вечную славу і вечную маладосць, але цяпер досыць аб гэтым. Я канчаю пісаць, і рука стамілася трымаць пяро.

Скажу толькі, што Фаўстына з Кляонікам, вядома, засталіся на хутары, і з імі застаўся Марка Турай, а астатнія, на чале з Хрыстом, вырашылі ісці на поўдзень, у нечапаныя пушчы на мяжы Палесся і Белавежы, у месца, якое ведаў Хрыстос. Ісці, карчаваць і паліць там ляды, будавацца, жыць вольным жыццём і чакаць, чакаць святла.

Вырашылі перад адыходам застацца яшчэ на некалькі дзён, каб памагчы маладым і іхняму сябру прывесці да ладу зямлю. Ужо і так зрабілі нямала: хату перасыпалі і занава пакрылі, дабудавалі да яе два асобныя трысцены, дзеля Маркі (ажэніцца ж, пэўна, калісьці), узвялі новую пуню, дагледзелі сад.

Трэба было цяпер памагчы ім араць, патрэсці іхнія нівы жытам і пшаніцай-зімкай. Хай маладыя хаця першыя месяцы свайго жыцця больш будуць адно з адным, не аддаюць усёй сілы зямлі. Мацнейшае будзе каханне.

Фама падстрэліў дзеля іх два дзікі, а Вус саліў мяса і вэндзіў шынкі сваімі залатымі рукамі. Хрыстос з кавалём пусцілі дзесяткі два адборных ліп, завезлі іх да хутара і вольным кастром, каб сонца не даставала, а вецер прадзімаў, склалі іх пад паветкай. Гады праз два будзе ў разьбяра запас вытрыманага, сухога, непатрэсканага дрэва на ўсё жыццё. А Іуда пайшоў некуды, пагаварыў з кімсьці і прывёз два вазы ўжо гатовага, даспелага дрэва, той жа ліпы і грушы. Працуй узімку, колькі рукі вытрымаюць.

Пачынала трохі асянець. Маладыя і Марка малілі або заставацца да вясны, або ісці зараз, бо не ў мярле ж з мядзведзямі жыць, трэба ж мець страху над галавой, запас мяса, і ўсё такое.

Хрыстос, аднак, толькі адмахваўся. Па-першае, ёсць трайная доля грошай, закапаная імі асобна ад іншых (нібы ведалі). Тых грошай, што здабылі, абдзёршы скарбонкі ў Наваградку (усё адно, не аддаваць жа расафорным!). Па-другое, ён абяцае ўсім хату. Вялізную прасторную хату ў пушчы, у тым месцы, дзе яны будуць жыць і чакаць. Абяцае хату і ўсё, што патрэбна дзеля жыцця, пакуль не прыйдзе першае жніво на новых лядах. Усе ведалі: ён не лжэ.